Пасля доўгага замоўчвання беларускімі гісторыкамі савецкага часу ўжо
у 90-я гады мінулага стагоддзя беларускія нацыянальныя гісторыкі
вярнулі з часовага нябыту імя аднаго з найактыўнейшых беларускіх
вайсковых і палітычных дзеячаў - генерала Станіслава Булак-Балаховіча.
Акрамя аўтара гэтых радкоў трэба згадаць працы Алега Латышонка з
Беластока, Алеся Бяляцкага з Мінска. Артыкулы, прысвечаныя генералу і
яго паходу ў Палессе, планаванаму як пачатак вызвалення Беларусі ад
панавання ў ёй бальшавіцкай Расіі, увайшлі ў "Энцыклапедыю гісторыі
Беларусі" і "Беларускую Энцыклапедыю". У Польшчы ў 1993 г. выйшла кніга
М. Цабаноўскага "Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч. Забыты герой".
Вывучэнне біяграфіі С. Булак-Балаховіча і яго вайсковай і палітычнай
дзейнасці працягваецца. Забытыя імёны Бацькаўшчыны вяртаюцца.
Маладосць. Першая сусветная вайна
Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балаховіч
(10.02.1883-10.05.1940) нарадзіўся ў невялічкім маёнтку Мэйшты
Відзаўскай воласці Браслаўскага павета Ковенскай губерні (за 10 км на
паўночны захад ад Відзаў, цяпер у Шуленайскай апілінцы - воласці Літвы
каля літоўска-беларускай мяжы). Яго бацька, Нікадзім Міхаіл,
беларус-католік, працаваў кухарам ва ўладальнікаў маёнтка Мэйштовічаў,
а маці, Юзэфа з Шафранаў, полька, была пакаёўкай. Паводле сямейнага
падання Станіслаў Булак-Балаховіч паходзіў з дробнай беларускай шляхты.
Пасля нараджэння Станіслава яго бацька атрымаў ад Мэйштовічаў у
арэнду маёнтачак Стакоп'ева (у тым жа Браслаўскім павеце), дзе
нарадзіўся Юзаф (Язэп) (22.07.1896-13.06.1923), малодшы Станіславаў
брат, таксама ў будучыні генерал. Станіслаў і Юзаф Булак-Балаховічы
скончылі агранамічную школу. Станіслаў працаваў адміністратарам маёнтка
Гарадзец-Лужкі ў Дзісенскім павеце. У 1905 г. ён выступаў на баку сялян
у іх канфліктах з панамі, за што атрымаў мянушку Бацька.
У пачатку Першай сусветнай вайны Станіслаў Булак-Балаховіч разам з
братам Юзафам і сябрамі Дамброўскім і Мацкевічам добраахвотна ўступіў у
расійскую армію і з 20 жніўня 1914 г. служыў у 2-м Курляндскім уланскім
палку 2-й кавалерыйскай дывізіі спачатку шарагоўцам, а потым
унтэр-афіцэрам. Ён удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, а потым
сучаснай Латвіі. Узнагароджаны георгіеўскім медалём і Георгіеўскімі
крыжамі 4-й, 3-й і 2-й ступеняў. Быў неаднойчы паранены і кантужаны.
9 ліпеня 1915 г. (са старшынствам ад 9 чэрвеня) атрымаў першае
афіцэрскае званне прапаршчыка (з адной зорачкай на афіцэрскім пагоне)
ад вярхоўнага галоўнакамандуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча.
Удзельнічаў (3 верасня 1915 г.) у дзеяннях за лініяй фронту супраць
немцаў у тылах праціўніка ў складзе армейскага партызанскага атрада
(каля 500 чалавек) пад камандаваннем Леаніда Пуніна. С. Булак-Балаховіч
быў спачатку камандзірам эскадрона, а пасля гібелі Л. Пуніна 1 верасня
1916 г. - камандзірам усяго атрада.
Партызанскі атрад С. Булак-Булаховіча з-за лініі фронту рабіў
кавалерыйскія налёты на камунікацыі, штабы і тылы германскіх войскаў
калі фронт знаходзіўся на тэрыторыі цяперашняй Латвіі. Атрад выконваў
разведвальна-дыверсійныя заданні.
Неўзабаве Станіслаў Булак-Балаховіч атрымаў чарговыя афіцэрскія
званні. У 1917 г. ён быў ужо штаб-ротмістрам (чатыры зорачкі на
афіцэрскім пагоне).
У Прыбалтыцы
Вясной 1918 г. пасля працяглага знаходжання ў шпіталі ў Петраградзе
(пасля ранення у пачатку сакавіка ў баі з немцамі) С. Булак-Балаховіч
запісаўся ў Чырвоную Армію. У красавіку 1918 г. са свайго былога атрада
ён у горадзе Луга (Петраградская губерня) сфармаваў 1-ы Лужскі конны
партызанскі полк (у складзе 4-й Петраградскай дывізіі). У маі полк быў
перайменаваны ў 3-і Петраградскі.Даўняя партызанская дзейнасць С.
Балаховіча звярнула на яго ўпагу старшыні Рэўваенсавета Л. Троцкага,
які выклікаў Булак-Балаховіча ў Маскву і прапанаваў яму пасаду
інспектара кавалерыі Чырвонай Арміі. Аднак С. Булак-Балаховіч адмовіўся
ад гэтай пасады, бо быў настроены супраць антысялянскай палітыкі
савецкага ўрада.
С. Булак-Балаховіч асабіста падбіраў камандзіраў і байцоў. Ён яшчэ з
часоў Першай сусветнай вайны карыстаўся вялікім аўтарытэтам у сваіх
падначаленых. С. Булак-Балаховіч супрацьстаяў спробам мясцовых
бальшавіцкіх уладаў накіраваць у яго полк камуністаў.
У кавалерыйскім палку пад яго камандаваннем служылі палякі (быў
нават польскі эскадрон), беларусы, украінцы, латышы, літоўцы і значная
група расіян, непрыхільных да савецкай улады. Полк налічваў 1121
чалавека.
Паступова канфлікты з прадстаўнікамі савецкай улады нарасталі.
Булак-Балаховіч намагаўся ўратаваць сваіх камандзіраў (былых афіцэраў)
ад арыштаў і рэпрэсій з боку ўлады. Тым не менш працягваў служыць у
Чырвонай Арміі, паколькі побач - у Эстоніі і Латвіі - да канца 1918 г.
знаходзіліся нямецкія войскі, а нямецкую армію ён па-ранейшаму
разглядаў як галоўнага ворага.
Хуткая ўжо параза Германіі ў Першай сусветнай вайне і намаганні
балтыйскіх краін атрымаць незалежнасць змянілі сітуацыю ў гэтым
рэгіёне. На тэрыторыі Латвіі і Эстоніі была ўтворана "белая" расійская
армія, сфармаваная пры дапамозе нямецкага камандавання. У канцы
лістапада 1918 г. яна ўжо налічвала 4500 жаўнераў і ставіла задачу
ўтрымаць Пскоў, калі яго пакінуць немцы. Яшчэ ў кастрычніку 1918 г.
Станіслаў Булак-Балаховіч выслаў у Пскоў свайго прадстаўніка. Паручнік
Відзякін паінфармаваў камандаванне гэтай Паўночнай арміі аб намеры С.
Булак-Балаховіча перайсці са сваім палком на бок белых. У Пскове
знаходзіўся для пастаянных кантактаў і паручнік Барыс Перамыкін.
16 кастрычніка 1918 г. у Елізараўскім манастыры ротмістр Станіслаў
Булак-Балаховіч сабраў на нараду афіцэраў свайго палка, якім давяраў.
Прыбыў і камандзір Чудскай флатыліі капітан 2 рангу Д. Д. Нелідаў.
Афіцэры згадзіліся, што ў адпаведны момант пяройдуць на бок Паўночнай
арміі. На наступны дзень Юзаф Балаховіч і Барыс Перамыкін падпісалі
пагадненне з прадстаўнікамі штабу Паўночнай арміі аб умовах пераходу.
Першым перайшоў на бок белай арміі 26 кастрычніка 1918 г. 1-ы
эскадрон палка на чале з Барысам Перамыкіным, які ахоўваў дэмаркацыйную
лінію паміж Савецкай Расіяй і Германіяй на ўсход ад Пскова. За некалькі
гадзін да пераходу Перамыкін паслаў віншавальную тэлеграму з нагоды
першай гадавіны бальшавіцкай рэвалюцыі палітычнаму камісару раёна
Гдоў-Тармошына таварышу Янісу Фабрыцыусу.
Пасля пераходу эскадрона Б. Перамыкіна на бок белых Я. Фабрыцыус
выклікаў на чыгуначную станцыю Тармошына Ю. Булак-Балаховіча як
намесніка камандзіра палка, а потым і С. Булак-Булаховіча. Абодва
запэўнілі камісара ў сваёй лаяльнасці. Але падрыхтоўка да пераходу
палка працягвалася. 28 кастрычніка 1918 г. камандзір Чудскай флатыліі
Д. Д. Нелідаў таксама перайшоў на бок белых. Тры параходы з пяці, два
катэры і сем малых катэраў з экіпажамі даплылі па Чудскім возеры да
Пскова.
Полк С. Булак-Балаховіча сканцэнтраваўся ў раёне чыгуначнай станцыі
Стругі Белая. У Стругах С. Булак-Балаховіч выдаў адозву да "братоў
сялян". Ён абвяшчаў аб пачатку партызанскай вайны супраць бальшавікоў,
за рускі народ, праваслаўную царкву, за мір і працу для людзей. Ён
заклікаў сялян да выступу супраць бальшавіцкай улады і да ўступлення ў
яго атрад. Падпісаўся: "Атаман сялянскіх партызанскіх атрадаў. Бацька
Балаховіч".
Не маючы дастатковых сіл, каб самастойна змагацца з часткамі
Чырвонай Арміі, Балаховіч ноччу з 5 на 6 лістапада 1918 г. перайшоў са
сваім палком дэмаркацыйную лінію паблізу чыгуначнай станцыі Карамышава
(20 км на ўсход ад Пскова). Аддзелы палка С. Булак-Балаховіча
павялічылі колькасць Паўночнай арміі ад адной трэці да паловы яе
складу.
Ротмістр С. Булак-Балаховіч быў прызначаны камандзірам асобнага
коннага атрада. Змагаўся ён (пасля адыходу немцаў і белых з Пскова ў
Эстонію 26 лістапада 1918 г.) у раёне Пячоры, на поўдзень ад Пскоўскага
возера.
25 снежня 1918 г.часткі Паўночнай арміі падпарадкаваліся ўладзе
незалежнай Эстоніі. Армія была пераўтворана ў Паўночна-Заходні корпус,
які быў падзелены на дзве групы ў аператыўных адносінах. Адна група
дзейнічала ў раёне Нарвы, другая - на пскоўскім напрамку.
У пскоўскай групе і змагаўся атрад С. Булак-Балаховіча. За удзел у
вызваленні Тарту ад бальшавікоў С. Балаховіч атрымаў у студзені 1919 г.
званне падпалкоўніка.
Ад студзеня 1919 г. конны партызанскі атрад падпалкоўніка С.
Булак-Балаховіча дзейнічаў у складзе паўднёвай групы ў раёне Чудскага
возера, на захад ад Пскова. Часта атрад прарываўся праз лінію фронту і
наносіў удары ў тыле чырвоных. У лютым 1919 г. камандуючы паўднёвай
групы генерал-маёр А. П. Радзянка перайменаваў атрад у конны полк імя
Булак-Балаховіча, зразумела, пад камандаваннем самога С.
Булак-Балаховіча.
15 мая 1919 г. полк і іншыя часці, падпарадкаваныя ў гэтай аперацыі
С. Н. Булак-Балаховічу, занялі горад Гдоў, за што С. Балаховіч атрымаў
званне палкоўніка. Далей полк браў удзел у пскоўскай аперацыі. У выніку
яе 25 мая 1919 г. Пскоў быў заняты эстонскай арміяй і часцямі белых. С.
Булак-Балаховіча прызначылі на пасаду камандуючага Пскоўскага раёна. За
ўдзел у баях за Пскоў галоўнакамандуючы корпусам генерал А. Радзянка
прысвоіў С. Булак-Балаховічу званне генерал-маёра, а з часцей,
падпарадкаваных яму, утварыў асобную зводную дывізію.
С. Булак-Балаховіч устанавіў адміністрацыю ў Пскове і Пскоўскім
раёне. Па яго ініцыятыве былі ўтвораныя народныя суды, якія каралі
злачынцаў і бальшавіцкіх актывістаў.
Як ваенных камендант Пскова і Пскоўскага павета С. Булак-Балаховіч
разгарнуў антыбальшавіцкую прапаганду, друкуючы і распаўсюджваючы сярод
насельніцтва і чырвонаармейцаў (на фронце і за лініяй фронту) рознага
роду адозвы і улёткі, у якіх заклікаў "змагацца не за царскую ўладу і
не за памешчыцкую, але за новую, вольную, дэмакратычную, народную,
сялянска-рабочую Расію". Выступаў з эсэраўскімі лозунгамі: "За зямлю і
хлеб для ўсяго народа, за правы для працоўных, за новы агульнанародны
ўстаноўчы сход". У гэты час, у ліпені 1919 г., на бок С.
Булак-Балаховіча перайшоў пяхотны полк Чырвонай Арміі.
Аднак у кіраўніцтве белай арміі наспяваў канфлікт паміж белымі
генераламі М. Юдзенічам і А. Радзянкам, манархістамі, якія складалі
большасць у палітычным і вайсковым кіраўніцтве Паўночна-Заходняй арміі,
і рэвалюцыйна-дэмакратычнай групай у гэтай арміі на чале з С.
Булак-Балаховічам, які быў на левым, эсэраўскім, крыле гэтай групы.
Яшчэ ў жніўні 1919 г. генерал М. М. Юдзеніч, галоўнакамандуючы
Паўночна-Заходняй арміі, прызначыў С. Н. Булак-Балаховіча камандуючым
2-м корпусам (з дзвюх дывізій) гэтай арміі. Аднак адносіны паміж
Юдзенічам і Булак-Балаховічам усё больш абвастраліся.
22 жніўня 1919 г. галоўнакамандуючы М. М. Юдзеніч аддаў загад
палкоўніку Б. Перамыкіну заняць Пскоў, арыштаваць С. Булак-Балаховіча і
аддаць яго пад ваенны суд "за беззаконныя дзеянні". 23 жніўня
Булак-Балаховіч быў зняты з пасады камандуючага корпусам. У той жа
дзень Б. Перамыкін на чале чатырох палкоў 2 батарэй і іншых часцей
паводле загаду М. Юдзеніча прыбыў у Пскоў і арыштаваў афіцэраў штаба
корпуса. Пры арышце былі забітыя начальнік штаба палкоўнік Стаякін і
гарадскі галава М. Іваноў. Толькі С. Булак-Балаховічу з дваццаццю
коннікамі з яго асабістай сотні ўдалося ўцячы ў Гдоў, дзе ён
падпарадкаваўся М. Юдзенічу. Булак-Балаховіча падтрымлівала эстонскае
камандаванне як баявога генерала, неабходнага для далейшай барацьбы з
бальшавікамі.
Булак-Балаховіч быў фармальна пасаджаны пад "хатні арышт", але
адразу выехаў на фронт у раёне Вострава (60 км. на поўдзень ад Пскова)
да сваёй коннай групы з 1200 чалавек. 26 жніўня 1919 г. часці Чырвонай
Арміі, карыстаючыся крызісам у стане белых, занялі Пскоў. А
Булак-Балаховіч працягваў на чале сваёй коннай групы ваенныя дзеянні,
галоўным чынам партызанскага характару.
Падчас восеньскага наступу белай Паўночна-Заходняй арміі на
Петраград група генерала С. Булак-Балаховічананосіла ўдары па
камунікацыях Чырвонай Арміі ў напрамку Порхава (75 км на ўсход ад
Пскова). Яго атрады перарэзалі камунікацыі на чыгуначнай лініі
Петраград - Полацк.
Пасля паражэння белай Паўночна-Заходняй арміі пад Петраградам у
лістападзе 1919 г. сярод яе камандавання ўзмацніліся рознагалоссі.
Асабліва яны абвастрыліся пасля адыходу Паўночна-Заходняй арміі на
тэрыторыю Эстоніі і пачатку мірных перамоў паміж Савецкай Расіяй і
Эстоніяй (мірны дагавор паміж імі быў падпісаны ў Тарту 2 лютага 1920
г.). Расійская Паўночна-Заходняя армія была інтэрнаваная і падлягала
ліквідацыі.
На пачатку 1920 г. С. Булак-Балахопіч у расійскай газеце ў Эстоніі
"Верный путь" звярнуўся да галоўнакамандуючага эстонскай арміі генерала
Й. Лайдамера з просьбай аб дазволе сабраць добраахвотнікаў для працягу
барацьбы супраць бальшавікоў. Эстонскія ўлады неафіцыйна яго
падтрымалі.
С. Булак-Балаховіч, каб атрымаць для свайго і іншых новых атрадаў
сродкі, а таксама для выплаты грошай жаўнерам, вырашыў арыштаваць М.
Юдзеніча і забраць грошы з касы яго арміі. У ноч на 28 студзеня 1920 г.
С. Булак-Балаховіч, які з групай афіцэраў прыехаў у Талін, арыштаваў у
гатэлі "Комерс" генерала М. Юдзеніча, генерала Крузэнштэрна і
ад'ютанта. У пакоі М. Юдзеніча былі знойдзены 227 тысяч фунтаў
стэрлінгаў, 250 тысяч фінскіх марак і 110 мільёнаў эстонскіх марак. С.
Булак-Балаховіч прымусіў М. Юдзеніча аддаць гэтыя грошы вайсковаму
пракурору арміі Вішнеўскаму. Грошы пайшлі на ліквідацыйныя меры,
галоўным чынам на выплату жалавання салдатам і афіцэрам падчас
ліквідацыі Паўночна-Заходняй арміі. Гэта павысіла аўтарытэт і
папулярнасць С. Н. Булак-Балаховіча і ў некаторай ступені папоўніла яго
атрад добраахвотнікамі.
Арыштаваных генералаў С. Булак-Балаховіч адвёз на станцыю, пасадзіў
у таварны вагон і павёз на фронт з сабою. Толькі пад ціскам англійскай
місіі ў Эстоніі са станцыі Тапа (на палове дарогі ад Таліна да Нарвы)
цягнік затрымалі і вярнулі назад у Талін, дзе Юдзеніча адвезлі ў
памяшканне англійскай ваеннай місіі. Пасля гэтага Юдзеніч выехаў за
мяжу як прыватная асоба. С. Булак-Балаховіч вярнуўся на фронт, дзе
працягваў камандаваць сваім атрадам з 1200 чалавек.
У гэты ж час, калі Эстонія выходзіла з вайны з Савецкай Расіяй,
генерал Станіслаў Булак-Балаховіч, добра памятаючы пра сваё беларускае
паходжанне, прапанаваў падпарадкаваць свой атрад ураду Беларускай
Народнай Рэспублікі. Яго атрад меў у сваім складзе 75%
беларусаў-жаўнераў і палову афіцэраў-беларусаў. Называўся атрад
Добраахвотным народным. С. Булак-Балаховіч надаў яму назву Беларускага.
Атрад прыняў за свой штандар беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы
сцяг і кукарды на фуражках з нацыянальным гербам Пагоня.
Генерал Булак-Балаховіч атрымаў дазвол ад эстонскіх уладаў набіраць
у сваю вайсковую адзінку добраахвотнікаў і з іншых часцей былой
Паўночна-Заходняй арміі, пераважна беларусаў і палякаў.
Пасля звароту Булак-Балаховіча да вайскова-дыпламатычнай місіі Рады
Беларускай Народнай Рэспублікі ў Л атвіі і Эстоніі, якую ўзначальваў у
Рызе палкоўнік К. Езавітаў 22 студзеня 1920 г. Рада міністраў БНР
прыняла Беларускі атрад "у склад войска БНР". К. Езавітаў афіцыйна
звярнуўся 8 лютага 1920 г. да галоўнакамандуючага польскай арміяй Ю.
Пілсудскага, каб той даў дазвол перавесці асобны атрад генерал-маёра
Булак-Балаховіча з Эстоніі ў Беларусь і "прадставіць Асобнаму Атраду
Беларускай Народнай Рэспублікі кавалак фронту на левым фланзе Польскай
Арміі і ўзлажыць на Польскае інтэнданцтва павіннасць адпускаць для
Асобнага Атраду ўсё яму патрэбнае".
У баях на Беларусі
23 лютага 1920 г. генерал С. Булак-Балаховіч падпісаў з польскім
вайсковым прадстаўніком у Рызе пагадненне аб сумесных ваенных дзеяннях
супраць Чырвонай Арміі. 3 сакавіка С. Булак-Балаховіч быў прыняты ў
Дзвінску (Даўгаўпілсе) генералам Эдвардам Рыдз-Сміглым, а 14 сакавіка
Беларускі Асобны атрад перайшоў Заходнюю Дзвіну, каб змагацца на
савецка-польскім фронце ў Беларусі. Але спачатку ён быў накіраваны ў
Брэст, дзе атрад дафармаваўся і атрымаў дадатковую колькасць зброі. Ад
пачатку чэрвоня 1920 г. Беларуская група (або Беларуская Нацыянальная
армія) генерала С. Булак-Балаховіча налічвала каля 2 тысяч шабель
(кавалерыстаў). Яна брала актыўны ўдзел у баявых дзеяннях на Палессі
супраць Чырвонай Арміі.
С. Булак-Балаховіч рабіў знянацку кавалерыйскія налёты на тылы
савецкіх войскаў, штабы злучэнняў Чырвонай Арміі. Аператыўна група С.
Булак-Балаховіча ўваходзіла ў склад Палескай групы польскіх войскаў,
потым 3-й польскай арміі. Група папаўнялася. Паводле звестак
аператыўнай разнведкі Заходняга фронту Чырвонай Арміі, у канцы жніўня
1920 г. у атрадзе С. Булак-Балаховіча, калі ён знаходзіўся ў раёне
Уладавы (на рацэ Заходні Буг), налічвалася 4 пяхотныя палкі
(Партызанскі, Пскоўскі, Востраўскі і Вазнясенскі) агульнай колькасцю
1600 штыкоў з 16 кулямётамі, а таксама партызанскі кавалерыйскі полк з
трох эскадронаў на 400 шабель. Характэрна, што палкі былі названыя па
гарадах Пскоўскай губерні, дзе раней ваяваў Булак-Балаховіч і яго
атрад.
Пры адступленні Чырвонай Арміі ад Варшавы ў верасні 1920 г.
Беларускі атрад, прарваўшыся скрозь лінію фронту 4-й савецкай арміі,
разбурыў чыгуначную лінію і 26 верасня ўварваўся ў Пінск, дзе
знаходзіўся штаб 4-й арміі і запасны полк. Частка штаба паспела
прарвацца цягніком на Лунінец, а камандарм, начальнік штаба і член
рэўваенсавета арміі (паліткамісар) конна паехалі да лініі фронту. 4-я
армія аказалася разрэзанай на дзве часткі, а яе кіраванне парушаным.
Пінск быў заняты групай С. Булак-Балаховіча апоўдні 26 верасня. Атрады
з групы С. Булак-Балаховіча працягвалі вайсковыя аперацыі на Палессі да
самага заканчэння ваенных дзеянняў падчас савецка-польскай вайны.
12 кастрычніка 1920 г. у Рызе падчас савецка-польскіх мірных
перамоваў былі падпісаны перамір'е і дагавор аб папярэдніх умовах міру.
Паводле ўмоў перамір'я, ваенныя дзеянні на савецка-польскім фронце былі
спынены праз 6 дзён - 18 кастрычніка 1920 г. а 24-й гадзіне. У гэтыя
дні польскія войскі працягвалі наступ, заняўшы на поўдні БССР некаторыя
раёны.
Перад С. Булак-Балаховічам стаяла задача працягваць барацьбу супраць
Савецкай Расіі і за вызваленне Беларусі ад улады бальшавікоў. 20 ліпеня
1920 г. С. Булак-Балаховіч пайшоў на пагадненне з Б. В. Савінкавым,
старшынёй Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы, якога падтрымліваў
начальнік Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскі. 27 жніўня 1920 г. паміж Б.
Савінкавым і С. Булак-Балаховічам было падпісана пагадненне аб
аб'яднанні рускіх і беларускіх атрадаў у Польшчы ў адну армію для
самастойнага наступу на ўсход. Палітычнае кіраўніцтва гэтай арміяй
належала Б. В. Савінкаву, а ваеннае - С. Н. Булак-Балаховічу. Армія С.
Булак-Балаховіча пачала рэарганізацыю. У яе склад уступалі мясцовыя
партызаны, добраахвотнікі беларусы і расіяне, часам розныя разбэшчаныя
на вайне людзі, якія ўжо не ведалі іншай працы, акрамя вайны. У войску
С. Булак-Балаховіча фармаваўся і яўрэйскі конны эскадрон на чале з
паручнікам Цэйтліным.
Падрыхтоўка паходу на Палессе
У выніку да пачатку лістапада 1920 г. значна папоўненыя атрады С.
Булак-Балаховіча былі разгорнутыя ў Рускую народную добраахвотніцкую
армію агульнай колькасцю каля 20 тысяч чалавек, з іх каля 15 тысяч у
страі. У склад гэтай арміі ўваходзілі 3 пяхотныя і 1 кавалерыйская
дывізіі, сялянская пяхотная брыгада, асобны туземны кавалерыйскі полк,
полк данскіх казакоў, асабістая сотня генерала Булак-Балаховіча і
чыгуначны полк, які яшчэ фармаваўся. Паводле асабовага складу найбольш
шматлікімі былі 1-я дывізія "смерці" палкоўніка (потым генерал-маёра)
Мацвеева і 2-я дывізія палкоўніка Мікошы, якія налічвалі па 4000-4800
жаўнераў і афіцэраў, і кавалерыйская дывізія палкоўніка С. Паўлоўскага
(1100 шабель і штыкоў). Найбольш баяздольнай з іх была 1-я дывізія
"смерці", якая складалася з 1-га Партызанскага, 2-га Пскоўскага, 3-га
Востраўскага і 4-га Вазнясенскага палкоў і іншых падраздзяленняў.
Асноўную частку дывізіі складалі жаўнеры і афіцэры Беларускага атрада,
якія прыйшлі на фронт разам з С. Булак-Балаховічам з Эстоніі. У
кавалерыйскай дывізіі найбольш баяздольным лічыўся 1-ы конны полк, які
складаўся ў большасці з коннікаў, што прыйшлі з Эстоніі. У іншых
частках арміі былі ў асноўным мясцовыя жыхары, якія не мелі
дастатковага баявога вопыту, а таксама былыя палонныя камандзіры і
чырвонаармейцы і дэзерціры з Чырвонай Арміі. Фармаванне арміі вялося і
па паходжанні асноўнай масы жаўнераў. Так, 2-я дывізія палкоўніка
Мікошы складалася з 4-х палкоў: Георгіеўскага, Мінскага, Смаленскага і
Віцебскага. 3-я Волжская дывізія генерал-маёра Яраслаўцава складалася з
Казанскага, Яраслаўскага, Ніжагародскага і Самарскага палкоў.
Задача арміі С. Булак-Балаховіча палягала на тым, каб адцясніць з
Беларусі савецкія войскі, стомленыя доўгімі баямі на шляху ад Варшавы
і, абапіраючыся на сялянства, амаль канчаткова змучанае бальшавіцкай
палітыкай "ваеннага камунізму", прарвацца ў Расію для стварэння там
дэмакратычнай рэспублікі.
Аднак у С. Булак-Балаховіча быў і свой, беларускі, план. Дзеля
гэтага ён падпісаў 12 кастрычніка 1920 г. пагадненне з Беларускім
палітычным камітэтам у Варшаве на чале з П. Алексюком. Камітэт стаяў на
пазіцыях саюзу з Польшчай. Паводле гэтага пагаднення, пры вызваленні
тэрыторыі Беларусі Булак-Балаховіч мусіў перадаць цывільную ўладу ўраду
Алексюка. Сам С. Булак-Балаховіч разлічваў на сялянскае паўстанне ў
Беларусі, якое падтрымае яго армію.
Напачатку лістапада 1920 г. армія С. Булак-Балаховіча была
сканцэнтравана ў раёне Турава, які паводле савецка-польскага дагавора
ад 12 кастрычніка 1920 г. належаў БССР, але пакуль знаходзіўся ў зоне,
занятай польскімі войскамі. Перамір'е і папярэдні мірны дагавор не былі
яшчэ ратыфікаваныя і не было яшчэ пагаднення аб вывадзе польскіх
войскаў з занятай імі савецкай тэрыторыі. Аднак польскі бок фармальна
спыніў адносіны з антысавецкімі сіламі на тэрыторыі Беларусі і Украіны.
Так, польскі ўрад заявіў, што ён раззброіў атрад Балаховіча, што
застаўся на польскай тэрыторыі, - брыгаду цяжкай артылерыі і
бронецягнік. Сапраўды, яны не ўдзельнічалі ў баях.
Паход Булак-Балаховіча на Палессе
6 лістапада 1920 г. армія С. Булак-Балаховіча пачала наступ у
Палессі ад Турава па абодвух берагах Прыпяці на ўсход. Галоўны ўдар
абрынуўся на 10-ю стралковую дывізію Заходняга фронту, якая панесла
значныя страты і вымушана была адступаць. 8 лістапада войскі
Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, 9 - мястэчка Скрыгалаў і вёску
Скрыгалаўская Слабада. Пасля цяжкага бою Пскоўскі полк 1-й дывізіі
"смерці" палкоўніка Мацвеева 10 лістапада заняў Мазыр, які стаў цэнтрам
ваеннай і палітычнай дзейнасці Булак-Балаховіча. Камендант Мазыра
генерал Яраслаўцаў загадаў у горадзе вывесіць беларускія нацыянальныя
сцягі. Палкоўнік С. Паўлоўскі з палонных сфармаваў Мазырскі полк. 10
лістапада Востраўскі полк 1-й дывізіі арміі Балаховіча заняў
Калінкавічы.
Частка яго войска - 2-я пяхотная дывізія і група палкоўніка Юзафа
Булак-Балаховіча (малодшы брат камандуючага) - наступала на Рэчыцу, а
другая частка войска - на Оўруч і на Чарнобыль. 16 лістапада атрады С.
Н. Булак-Балаховіча з трох бакоў падышлі да Рэчыцы і пачалі баі на яе
ўскраінах.
Пасля заняцця Мазыра С. Н. Булак-Балаховіч раскрыў свае ўласныя
палітычныя планы. Насуперак намеру Б. Савінкава ён з 12 лістапада пачаў
у Мазыры выдаваць палітычныя акты і загады, накіраваныя на стварэнне
незалежнай Беларускай дзяржавы, абвясціў сябе "начальнікам Беларускай
дзяржавы" (як Пілсудскі - Польскай) і пракламаваў незалежнасць
Беларусі. 14 лістапада 1920 г. выдаў загад пра фармаванне Беларускай
нацыянальнай арміі з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. За тыдзень з
добраахвотнікаў былі сфармаваныя Сялянскі партызанскі атрад і Хабненскі
полк (паводле назвы мястэчка Хабна). С. Н. Булак-Балаховіч абвясціў
сябе галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі незалежнай Беларусі.
Камандаванне Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй ён перадаў свайму
брату Іосіфу (Юзафу, Язэпу), надаўшы яму воінскі чын генерал-маёра. Але
фактычна С. Булак-Балаховіч па-ранейшаму камандаваў Саюзнай Народнай
арміяй, як яна называлася ад 14 лістапада.
У Мазыр з Варшавы прыбылі сябры Беларускага палітычнага камітэта П.
Аляксюк і В. Адамовіч, якія заключылі з С. Н. Булак-Балаховічам і Б. В.
Савінкавым пагадненне аб прызнанні Рускай народнай добраахвотніцкай
арміяй незалежнасці Беларусі з наступным узгадненнем Устаноўчымі
соймамі Расіі і Беларусі канчатковай формы ўзаемаадносін. С. Н.
Булак-Балаховіч прызначыў П. Алексюка старшынёй свайго ўрада, а
эмігранцкі ўрад В. Ластоўскага і савецкі ўрад Чарняка (А. Чарвякова) у
Менску абвясціў "звергнутымі".
У арміі С. Н. Булак-Балаховіча былі і свае вайсковыя ўзнагароды:
вялікі крыж з мячамі і крыж мужных. У цэнтры крыжоў была выява чэрапа.
На вялікім крыжы быў у цэнтры па кругу надпіс: "За нашу і вашу
свабоду". А раней яго Асобны атрад меў і свае паштовыя маркі.
Барацьбу супраць арміі С. Булак-Балаховіча вяла савецкая 16-я армія
Заходняга фронту. На фронт былі скіраваныя дадатковыя сілы Чырвонай
Арміі. Рэгулярныя войскі Чырвонай Арміі мелі колькасную перавагу. 3
боку Жлобіна контрнаступленне Чырвонай Арміі пачалося 16 лістапада. Яе
часці 17 лістапада з боем занялі Калінкавічы. Баючыся застацца
адрэзанымі, перадавыя атрады С. Н. Булак-Балаховіча 18 лістапада
спынілі атакі ў раёне Рэчыцы. 19 лістапада пачалося агульнае
адступленне яго дывізій. 2-я пяхотная дывізія ўпарта абараняла Мазыр,
але 20 лістапада горад быў захоплены праціўнікам.
Асноўнай частцы арміі Булак-Балаховіча ўдалося 22 лістапада
прарвацца ляснымі дарогамі ў раёне Каплічы-Якімавічы (на поўнач ад
Мазыра) праз заслоны чырвона-армейцаў 33-й Кубанскай казацкай дывізіі і
24 лістапада фарсіраваць Пціч. 26 лістапада войскі С. Булак-Балаховіча
выйшлі праз Жыткавічы да чыгуначнай станцыі Сінкевічы ў раён
размяшчэння польскіх войскаў. План камандавання Чырвонай Арміі
абкружыць і знішчыць вайсковыя сілы арміі С. Н. Булак-Балаховіча не
ўдаўся.
Армія С. Н. Булак-Балаховіча сабралася ў раёне Тураў - Давыд-Гарадок
- Лахва і была раззброена польскімі войскамі. Частка ж арміі адышла ў
нейтральную зону (па 15 км. па абодва бакі мяжы), якая існавала да
заключэння міру ў сакавіку 1921 г., і адтуль асобнымі атрадамі вяла
партызанскія дзеянні супраць Чырвонай Арміі і савецкай улады. Частка
атрадаў падчас адступлення арміі засталася на месцы і працягвала весці
партызанскую вайну. Налёты атрадаў С. Н. Булак-Балаховіча на тэрыторыю
БССР працягваліся да 1922 г. Значная частка былых яго жаўнераў атрымала
працу ў Белавежскай пушчы на тартаках і вырубцы лесу.
У Польшчы
Пасля савецка-польскай вайны Станіслаў Булак-Балаховіч быў прызнаны
генералам, але не залічаны ў склад польскага войска як чынны генерал.
Ён быў абраны як генерал брыгады старшынёй Саюза былых удзельнікаў
нацыянальных паўстанняў (камбатантаў). Выдаваў публіцыстычныя кнігі,
варожыя савецкай уладзе, бальшавікам і Гітлеру. У публіцыстычных творах
ён паслядоўна выкрываў агрэсіўны характар палітыкі Савецкага Саюза і
фашысцкай Германіі і папярэджваў аб рэальнай пагрозе агрэсіі з боку
гэтых дзяржаў у дачыненні да суседніх народаў.
Падчас савецка-польскай вайны і пасля яе адмоўна да С.
Булак-Балаховіча ставіліся і палітычныя сілы на Беларусі, не кажучы ўжо
пра бальшавікоў, для якіх ён быў заўсёды ворагам. Адмоўна да яго
ставілася і партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў (падчас вайны
- саюзніца бальшавікоў, якую яны выкарысталі супраць Польшчы, а потым
ёй здрадзілі і забаранілі яе). Беларускі эсэры не маглі дараваць
генералу яго саюзу з Польшчай і таму падчас паходу на Палессе не
падтрымалі яго. Такой тактыкі яны прытрымліваліся і пазней, нягледзячы
на тое, што беларускае сялянства падтрымлівала генерала, бо С.
Булак-Балаховіч выступаў за незалежнасць Беларусі і супраць
антысялянскай палітыкі бальшавікоў.
Станіслаў Булак-Балаховіч быў і беларускім паэтам. Яго паэтычныя
творы заўважыў і адзначыў беларускі грамадскі дзеяч і літаратуразнаўца
Ігнат Дварчанін. Вядома, што ў Польшчы Станіслаў Булак-Балаховіч выдаў
зборнік вершаў "Перш, пакуль голас свой даць", які згадваецца ў
картатэцы Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве. Самога зборніка нам
знайсці не ўдалося.
Алесь Бяляцкі ў 1990 г. апублікаваў адшуканы ім у рэдкім і
недаступным нам часопісе "На чужыне" (выходзіў у Рызе ў 1920-я гг.)
верш С. Булак-Балаховіча "Покліч бацькі", напісаны 25 лістапада 1919 г.
у Рэвелі (Таліне), калі Булак-Балаховіч змагаўся ў Эстоніі супраць
Чырвонай Арміі.
Покліч бацькі Праз цёмныя хмары на чуждай старонцэ Зірнула на нас цёпла-роўнае сонцэ, I гоман пачуў я з радной стараны: "Свабода калоціцца ў нашэ ваконцэ, За бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!"
Сынкі! А мы што жа! Нам будзе нягожа, Каб мы не пайшлі на дапамогу!
Сьмялей, не аглядайцесь, Хутчэй сабірайцесь I будзем гатовы ў дарогу!
(I сапраўды, ужо ў студзені 1920 г. генерал С. Булак-Балаховіч пры
дапамозе шэфа вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі пачаў
перамовы аб накіраванні свайго Беларускага атрада пад назвай Беларуская
Нацыянальная Армія на ўчастак савецка-польскага фронту ў Палессе, куды
і прыбыў яго Беларускі атрад.)
Алесь Бяляцкі таксама апублікаваў (са сваім каментарам) у часопісе
"Спадчына" (1991. № 6. С. 17) два вершы С. Булак-Балаховіча: ужо
прыведзены "Покліч бацькі" і "Шарак ці брысь", напісаны 19 ліпеня 1927
г.
Можна спадзявацца, што беларускія літаратуразнаўцы зацікавяцца
літаратурнай спадчынай беларускага генерала і дапоўняць характарыстыку
гэтага цікавага чалавека, патрыёта сваёй Бацькаўшчыны.
Пасля нападу гітлераўскай Германіі на Польшчу ў верасні 1939 г.
генерал Станіслаў Булак-Балаховіч арганізаваў добраахвотны атрад, які
спачатку складаўся з 200 жаўнераў пяхоты і эскадрону кавалерыі. Потым
атрад павялічыўся. У дні аблогі Варшавы С. Булак-Балаховіч арганізаваў
абарону сталіцы на паўднёвым участку. Удзельнікі абароны Варшавы пад
кіраўніцтвам Станіслава Булак-Балаховіча рабілі партызанскія выпады ў
тылы нямецкіх войскаў здабывалі важную інфармацыю, нападалі на нямецкія
патрулі. Супраціўленне ворагу скончылася з капітуляцыяй Варшавы ў канцы
верасня 1939 г.
У канцы 1939 г. генерал Станіслаў Булак-Балаховіч разам з былымі
афіцэрамі сваіх вайсковых фармаванняў стварыў падпольную вайсковую
арганізацыю.
Загінуў Станіслаў Булак-Балаховіч 10 мая 1940 г., калі перад сваім
домам на Саскай вуліцы, 103, быў акружаны агентамі гестапа пры спробе
арышту падчас страляніны. Па некаторых звестках, Станіслаў
Булак-Балаховіч быў забіты агентамі НКВД, якія ў гэты перыяд
супрацоўнічалі з гестапа. Але больш праўдападобнай з'яўляецца версія
пра ліквідацыю яго гестапа як адвечнага ворага Германіі і Гітлера, пра
што С. Булак-Балаховіч адкрыта пісаў у сваіх кнігах.
Сімвалічная магіла генерала С. Булак-Балаховіча знаходзіцца на
варшаўскіх Камунальных, былых вайсковых, могілках (кватэра А15, рад 8,
магіла 12). На месцы гібелі генерала Станіслава Булак-Балаховіча
стараннямі яго ўнука Мацея Булак-Балаховіча ўмацавана памятная дошка,
прысвечаная гэтаму вайсковаму і палітычнаму дзеячу.
Адзначаючы 125-годдзе з дня нараджэння Станіслава Булак-Балаховіча,
трэба падкрэсліць у першую чаргу патрыятычную дзейнасць генерала, які
намагаўся не толькі мець беларускую нацыянальную армію, але і стварыць
незалежную Беларускую дзяржаву.
Анатол Грыцкевіч, 4 студзеня 2008 г. Крыніца: Старонкі нашай мінуўшчыны / Анатоль Грыцкевіч.-Мінск: Кнігазбор, 2009.-468 с.Б.
Источник: http://www.jivebelarus.net |